ЕГІ́ПЕЦКАЯ ЭКСПЕДЫ́ЦЫЯ 1798—1801,
паход франц. арміі ў Егіпет напярэдадні і ў час напалеонаўскіх войнаў. Была вынікам экспансіі Францыі на Б. Усход і яе барацьбы з Англіяй за сусв. панаванне. 19.5.1798 франц. войскі (30—38 тыс. чал.) пад камандаваннем ген. Напалеона Банапарта адплылі з Тулона і 1.7.1798 высадзіліся каля г. Александрыя (на шляху ў Егіпет да франц. уладанняў быў далучаны в-аў Мальта). Разбіўшы гал. сілы мамлюкаў у бітве каля пірамід (21.7.1798), Банапарт падпарадкаваў б.ч. Егіпта. У 1799 армія Банапарта ўварвалася ў Сірыю, аднак, страціла там 1/2 асабовага складу і адступіла ў Егіпет. Пасля высадкі ў Егіпце англічан у 1801 франц. войскі капітулявалі і выведзены з Егіпта. Паводле Ам’енскага мірнага дагавора 1802 з Англіяй Францыя адмовілася ад прэтэнзіі на Егіпет. У складзе экспедыцыі была група франц. вучоных, якая вывучала помнікі егіп. гісторыі і культуры, падрыхтавала і выдала іх апісанне.
т. 6, с. 381
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)